Герб Рэспублікі Беларусь Герб г. Гарадка Віцебскай вобласці ГАРАДОЦКI РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМIТЭТ

Афіцыйны сайт

Прыёмная райвыканкама
Адрас райвыканкама:
211573, г. Гарадок,
вул. Пралетарская, 2.
E-mail: gorrik@vitebsk.by
(не з'яўляецца электронным зваротам)
Прыёмная: (8-02139) 4-10-45
Факс: (8-02139) 4-33-10
Тэлефон "гарачай лініі":
(8-02139) 4-10-45 штодня з 8-00 да 20-00
Гарадоцкі райвыканкам
/
1
2
Галоўная - Навіны - Навіны рэспублікі

Навіны рэспублікі

Лукашэнка: палітыка Беларусі ў адносінах да Арменіі ніколі не зменіцца, мы заўсёды будзем братамі

01-10-2019

Палітыка Беларусі ў адносінах да Арменіі ніколі не зменіцца. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Ерэване на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам, перадае карэспандэнт БЕЛТА. 


"Уважліва сачу за сітуацыяй у Арменіі з пункту гледжання адносін да Беларусі. Я ведаю, што армяне заўсёды добра ставіліся да яе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што ў Беларусі зацікаўлены ў выбудоўванні адносін з Арменіяй, тым больш што ў двух народаў падобная гісторыя. Пакуль паміж краінамі складваецца невялікі тавараабарот (каля $50 млн у 2018 годзе), але калісьці яго не было наогул, заўважыў кіраўнік дзяржавы. 

"Сёння тэмп росту тавараабароту 140 працэнтаў - гэта вельмі добры тэмп. Я павінен вас запэўніць, што так будзе і далей. Мы будзем падтрымліваць ваш бізнес у Беларусі, калі вам цікавы наш - будзем да вас прыязджаць, ствараць сумесныя прадпрыемствы. Я гэта гавару да таго, каб вы не думалі, што ў нас змянілася палітыка ў адносінах да Арменіі. Калі нават вы адмовіцеся з намі супрацоўнічаць, мы ўсё роўна будзем настойваць на тым, каб быць вельмі блізкімі і дружалюбнымі дзяржавамі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт запэўніў Нікола Пашыняна, што Беларусь заўсёды гатова падставіць Арменіі плячо і ніколі ні з кім не будзе дружыць супраць яе. "Так склалася, што вы ў мяне вельмі добры сябар, і Прэзідэнт Азербайджана яшчэ з даўніх часоў добры сябар. Ну, і што мне сёння рабіць? Я вельмі добра стаўлюся і да Арменіі, і да Азербайджана", - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мы гатовы працаваць у інтарэсах Арменіі". 

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што, магчыма, закрануў недыпламатычную тэму, якую не трэба было б узнімаць, аднак ён не хоча, каб паміж кіраўніцтвам Беларусі і Арменіі былі нейкія недагаворванні. "Гэта не проста размова. Ведайце, што мы заўсёды будзем добра да вас ставіцца, як да родных, як да братоў", - звярнуў увагу Прэзідэнт. 

У сваю чаргу Нікол Пашынян адзначыў, што вельмі рады здольнасці дзвюх краін працаваць разам і абмяркоўваць самыя няпростыя пытанні, каб прыйсці да адзінага меркавання. "У нас дастаткова мудрасці, храбрасці і волі ўсе пытанні вырашыць так, каб дружба і братэрства паміж нашымі народамі і краінамі развіваліся", - выказаў упэўненасць прэм'ер-міністр Арменіі. 

Ён таксама праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку аб падрыхтоўцы пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое адбудзецца ў Ерэване 1 кастрычніка, коратка закрануўшы парадак дня. Нікол Пашынян адзначыў, што ў час саміту плануецца падпісаць пагадненне аб свабодным гандлі і рамачнае пагадненне аб усёабдымным эканамічным супрацоўніцтве паміж ЕАЭС і Сінгапурам. 

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, кіраўніцтва Арменіі прыклала шмат намаганняў для развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза і пашырэння яго ўзаемадзеяння з трэцімі краінамі. "Шчыра кажучы, Сінгапур павінен быць удзячны Арменіі за такое пагадненне. Але гэта пагадненне на карысць усім дзяржавам, у адваротным выпадку ніхто б не разглядаў яго, - сказаў Прэзідэнт. - Калі мне далажылі аб тым, што мы павінны з Сінгапурам прапрацаваць пытанне заключэння зоны свабоднага гандлю, я сказаў арыентавацца на Нікола Пашыняна, на Арменію, таму што эканомікі нашы падобныя і не думаю, што Арменія будзе для сябе рабіць дрэнна. Таму мы арыентаваліся на вашы напрацоўкі, хоць самі таксама аналізавалі сітуацыю".

У 2018 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Арменіяй склаў $50,1 млн. За першыя сем месяцаў 2019 года ён павялічыўся больш як на 40 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і дасягнуў $37,2 млн. Аснову беларускага экспарту складаюць малако і вяршкі, трактары і седлавыя цягачы, лякарствы, шыны, мэбля, папера і кардон, сметанковае масла. З Арменіі пастаўляюцца моцныя спіртныя напіткі, таматы, нафтапрадукты, мэбля.

На здымку: Аляксандр Лукашэнка і Нікол Пашынян. 
/Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/.

Даведачная інфармацыя

Интернет-ресурсы