Навіны рэспублікі
Пачатак новай традыцыі. Лукашэнка напярэдадні Дня народнага адзінства ўручыў дзяржузнагароды
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на сімвалізм новага свята. "Падзеі 17 верасня далёкага 1939 года сталі важнай вяхой у гісторыі фарміравання беларускай нацыі. У нас шмат свят, мы іх цэнім. Ёсць свята Дня Перамогі, духоўныя нашы святы - Вялікдзень, Нараджэнне Хрыстова і гэтак далей. Але толькі ўдумайцеся: калі б не было 17 верасня (1939 года. - Заўвага БЕЛТА), не было б нашай краіны. На карце тады быў толькі кавалачак ад цэнтра цяперашняй Беларусі да Мазыра. Шматок - вось што ўяўляла тады наша рэспубліка. І тады, у верасні 1939 года, усё змянілася, і мы набылі нашу рэспубліку ў тых межах, якія свята захоўваем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што напярэдадні гэтай лёсавызначальнай гістарычнай даты, дня ўз'яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, закладваецца новая традыцыя - ушаноўваць заслужаных беларусаў.
Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння ў Палацы Незалежнасці сабраліся таленавітыя і працавітыя, сапраўдныя патрыёты, смелыя і надзейныя, адданыя сваёй справе і дзяржаве людзі, аб'яднаныя адной мэтай - захаваць краіну для будучых пакаленняў.
Паводле яго слоў, усіх прысутных аб'ядноўвае патрыятызм і любоў да радзімы. "Мы не здрадзілі, мы не пахіснуліся. Гэта дарагога варта для кожнага з вас. Калі нехта за гэты год, мінулы, пасля ўчарашніх падзей, гэтага не зразумеў, то ў бліжэйшы час зразумее. Не паддавайцеся ніякім атакам. Асабліва ў гэтых саплівых мэсэнджарах, Telegram-каналах і іншае. Гэта як пена схлыне. Застанецца тое, чым вы павінны ганарыцца заўсёды і што павінны наследаваць вашы дзеці", - падкрэсліў беларускі лідар.
Асобна Кіраўнік дзяржавы засяродзіў увагу на асобе Уладзіміра Іванавіча Слабодчыкава, які ўдастоены звання народнага мастака Беларусі. Гэты вялікі майстар выхаваў плеяду вучняў, якія сталі вядомымі мастакамі і лаўрэатамі прэстыжных конкурсаў скульптуры. "Надзвычайны чалавек, праз творчасць якога чырвонай ніткай праходзіць любоў да сваёй Радзімы, гонар за дасягненні мінулага і сучаснага, памяць аб трагічных і гераічных старонках нашай гісторыі, захапленне подзвігамі і гераізмам суайчыннікаў. Рэаліст. Гэта і ёсць патрыятызм. Гэта і ёсць прыклад той самай барацьбы за захаванне нашых нацыянальных каштоўнасцей, якімі ўсе мы, беларусы, сёння асабліва даражым", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Ведаеце, шмат таленавітых і вялікіх. Але я цаню веліч у тых людзях, якія выхоўваюць падобных да сябе - такіх жа таленавітых. Вырас, стаў вялікім - зрабі яшчэ дзясятак такіх і ты будзеш праслаўлены ў вяках", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў увесь беларускі народ з надыходзячым вялікім святам - Днём народнага адзінства, пажадаўшы моцнага здароўя, творчага натхнення і новых дасягненняў на карысць роднай Беларусі. "Як гаварылі нашы мудрыя продкі, зямля народам моцная. І Беларусь не раз пацвярджала гэту мудрасць у сваёй гісторыі. Каб пакінуць будучым пакаленням памяць аб сваім гістарычным вопыце, мы ўвасабляем яе ў дзяржаўных святах. У такіх, якія нагадваюць аб вялікай каштоўнасці міру на роднай зямлі, незалежнасці краіны і з'яднанасці нашай нацыі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.