Главная / Новости района
Новости района
02.11.2017

Народны фальклорны гурт «Глейна» стаў лепшым у вобласці

Народны фальклорны гурт «Глейна» ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна» (на здымку) стаў лепшым у вобласці. Ён названы лаўрэатам l ступені абласнога агляду-конкурсу вясельных абрадаў Віцебшчыны «Вялікая вясельніца — 2017», які прайшоў у кастрычнiку ў г.п. Ушачы. Гэта маштабнае, відовішчнае свята збірае гасцей раз у два гады.


Галоўная мэта мерапрыемства — адраджэнне і далейшае развіццё традыцыйных вясельных абрадаў як часткі традыцыйнай культуры, а таксама ўкараненне аўтэнтычных абрадаў вяселля Віцебшчыны ў сучасную абрадавую практыку. Акрамя таго кожны прысутны атрымаў унікальную магчымасць на некаторы час далучыцца да традыцый роднага краю, стаць сведкам самых цікавых, часта забытых самабытных элементаў вясельнага абраду.


У «Вялікай вясельніцы — 2017» прынялі ўдзел 16 фальклорных калектываў вобласці, асобныя выканаўцы, творчыя калектывы, клубы нацыянальнай кухні, фальклору і гульні, супрацоўнікі Дамоў (Цэнтраў) рамёстваў Віцебскай вобласці. Галоўным дзействам стала рэканструкцыя вясельнага абраду пач. ХХ ст. па традыцыях Ушацкага, Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў.


Народны фальклорны гурт «Глейна» ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна» паказаў прысутным вясельны абрад «Прыбіранне кінягіні да вянца» ў музыкальным суправаджэнні гарманіста Аляксея Семянкова. На дзесяць хвілін пакуль доўжылася выступленне гарадакчан гледачы вярнуліся ў мінулае, абыякавых у зале не засталося.


Рэгіянальны вясельны абрад Гарадоччыны, адноўлены супрацоўнікамі ЦТКіНТ, дае ўяўленне пра тое, як у мінулым адбывалася вяселле на тэрыторыі нашага раёна. Высокую адзнаку работа гарадакчан атрымала ад загадчыка аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктара філалагічных навук, дацэнта Таццяны Валодзінай. Яна падкрэсліла, што гурт «Глейна» перадае традыцыйны вясельны абрад у тым выглядзе, у якім ён існаваў шмат гадоў таму, выкарыстоўвае аўтэнтычны рэгіянальны матэрыял, традыцыйныя касцюмы, захоўвае ў выступленні мясцовы дыялект.


Уразіла сваім выступленнем усіх гасцей агляду-конкурсу майстар галоснага спеву Таццяна Раева з в. Халамер’е. Абрадавыя песні Гарадоцкага краю ў яе выкананні ўпрыгожылі конкурсную праграму.


Пачэснае званне лаўрэата з’яўляецца высокай ацэнкай самаадданай працы ўсіх удзельнікаў гурта па адраджэнні і захаванні духоўнай спадчыны нашага краю.


Акрамя конкурсу вясельных звычаяў і праслухоўвання вясельных спеваў у межах свята адбыўся конкурс на лепшае афармленне і прэзентацыю «вясельнага кутка». Дыпломам за ўдзел у ім узнагароджаны Гарадоцкі дом рамёстваў і фальклору. Кожны раён аформіў свой куток з дапамогай вясельных рэчаў, рукадзелля, традыцыйных вясельных убранняў, элементаў вясельнай вопраткі і прадставіў адметныя абрадавыя стравы, прымеркаваныя для пэўнага вясельнага этапу (сватанне, заручыны, дзявочы вечар, вясельнае застолле, перазовы і інш.).

Любоў ШЛЯЙКО, "Гарадоцкі веснiк".

Смотреть все